Гісторыя нашай Радзімы нават сёння поўніцца нераскрытымі таямніцамі. Задача даследчыкаў – узнаўленне і вывучэнне славутых старонак нашага мінулага, адраджэнне той гістарычнай памяці, якая доўгімі дзесяцігоддзямі заставалася па-за межамі ўвагі краязнаўцаў і гісторыкаў.
Займаючыся амаль 10 год гістарычнай рэканструкцыяй і эксперыментальнай археалогіяй Народны клуб гістарычнай рэканструкцыі «ВАРГЕНТОРН» Цэнтра культуры «Віцебск» выйшаў на той узровень рэчавай і навуковай базы ў рэканструкцыі матэрыяльнай культуры ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Днепра-Дзвінскага рэгіёна, што ўрэшце адчуў сябе здольным зірнуць на іншыя «белыя плямы» ў гісторыі і культуры нашага краю. І, на нашу думку, адной з галоўных з’яўляецца праблема даследавання рэканструкцыі матэрыяльнай культуры Беларусі XVII стагоддзя.
Распачаўшы навуковае вывучэнне і збор археалагічнага і гістарычнага матэрыялу па гэтай тэме, мы прыйшлі да высновы, што ў Беларусі праблемамі вывучэння матэрыяльнай культуры нашай краіны XVII стагоддзя амаль ніхто не займаецца. І калі некаторыя сур’ёзныя навуковыя публікацыі агульнага плану з’яўляюцца, асабліва ў апошні час, то пытанні навуковай рэканструкцыі застаюцца ў сваёй большасці па-за межамі ўвагі даследчыкаў і клубаў гістарычнай рэканструкцыі.
Выстава «НАТАТКІ ВІЦЕБСКАГА ШЛЯХЦІЧА» – гэта першая спроба дзейнасці клуба «ВАРГЕНТОРН» у рамках новага навуковага праекта «ВІЦЕБСКАЯ ХАРУГВА», прысвечанага навуковай рэканструкцыі матэрыяльнай культуры Віцебска ў першай палове XVII стагоддзя (1600-1640-я гг.). Першапачатковая ўвага была нададзена рэканструкцыі Віцебскага павятовага апалчэння з ліку шляхты і мяшчанства.
Праект толькі распачаўся, і больш за год у клубе вядзецца актыўны збор навуковай, археалагічнай і гістарычнай інфармацыі па дадзенай тэме. Актыўнае супрацоўніцтва з нашымі музеямі, а таксама замежнымі клубамі і даследчыкамі.
Выстава «НАТАТКІ ВІЦЕБСКАГА ШЛЯХЦІЧА» – гэта першы вынік цяжкай даследчай працы. Безумоўна, што шмат новага чакае наперадзе. Аднак мы дакладна ведаем, што праект будзе шырыцца і павялічвацца. У нашых планах пазначаны навуковае супрацоўніцтва з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем, выданне навуковых артыкулаў па абранай тэме, пашырэнне матэрыяльнай часткі і стварэнне новых рэканструкцый адзення, узбраення і іншых рэчаў, выданне паліграфічнай прадукцыі, а галоўнае – актыўная папулярызацыя гісторыі і культуры роднага Віцебска п.п. XVII стагоддзя.
24 чэрвеня ў 11.00 у выставачнай зале «Духаўскі круглік» адбудзецца прэзентацыя выставы.
Сяргей БАБЕНКА,
гісторык, навуковы кансультант
клуба гістарычнай рэканструкцыі «ВАРГЕНТОРН»