НАПЕРАД У МІНУЛАЕ

Кожны зварот да гісторыі

ўзбагачае сучаснасць.

Дз. С. Ліхачоў

 

А вы ўжо бачылі Віцебск ХІІ стагоддзя? Дзіўнае пытанне. Невыканальная задача. Але для таго, каб здзейсніць такую вандроўку ў мінулае, цяпер дастаткова проста зірнуць на новы твор мастака, краязнаўцы, аматара гісторыі Ігара ДУРАВА. 17 лютага 2016 года ў выставачнай зале «ДУХАЎСКІ КРУГЛІК» адбылася творчая сустрэча «Ад навуковай гіпотэзы да мастацкага вобраза: мастак Ігар Дураў прадстаўляе рэканструкцыю Віцебска сярэдзіны ХІІ стагоддзя», дзе таленавіты майстар адкрыў яшчэ адно акенца ў старажытны горад.

Ідэя стварэння гэтай рэканструкцыі нарадзілася ў лістападзе 2012 года. «На гэтым самым месцы», – усміхаецца мастак супрацоўнікам Духаўскога кругліка. Праца над фарміраваннем як мага больш дакладнага вобраза Віцебска XII стагоддзя працягвалася год. За гэты час была прааналізавана вялікая колькасць кніг, хронік і летапісаў. Ігар Валер’евіч супрацоўнічаў з вядомымі беларускімі археолагамі і архітэктарамі. У поўнай меры зразумець маштаб выкананай працы зможа, напэўна, толькі дасведчаны гісторык. Кандыдат гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН, археолаг Леанід КАЛЕДЗІНСКІ, які не першы год працуе з Ігарам Валер’евічам і таксама прысутнічаў на сустрэчы, адзначыў, што рэканструкцыя, безумоўна, з’яўляецца мастацкай, але даставернасць яе складае 60-70%.

Дакладнасць і факты ў карціне спалучаюцца са здагадкамі і фантазіяй. Але гэта, можна сказаць, «разумная» і «максімальна аргументаваная» фантазія. «Па археалагічных знаходках дакладна можна ўзнавіць хіба толькі 2% карціны. Зразумела, прыходзіцца далучаць уяўленне», – расказвае навуковец.

Новая работа – частка трыпціха. Ужо існуе рэканструкцыя «Віцебскія замкі XIV стагоддзя», і будзе «адноўлены» яшчэ Віцебск XVІІ стагоддзя. Пабачыць абедзве карціны можна ў экспазіцыі «Духаўскога кругліка». Ігар Валер’евіч лічыць, што яго праца можа быць цікавай усім, хто захапляецца горадам, яго гісторыяй. А для кагосьці яна можа стаць першым штуршком, толькі абудзіць цікавасць. Мастак расказвае, што для многіх, хто бачыць яго карціны, старажытнасць Віцебска становіцца сапраўдным шокам. І таму на стварэнні трыпціха задумы не заканчваюцца. Ігар Валер’евіч плануе працягнуць серыю партрэтаў княжацкіх асоб Сярэднявечча, а таксама мае намер выканаць свае мастацкія рэканструкцыі ў цыфравым фармаце.

 

Аддзел рэкламы

ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск»

37-22-92