“ЖЫВІ Ў СЭРЦЫ МАІМ, МАТУЛІНА МОВА”

Пад такой пяшчотна-рамантычнай назвай прайшла 21 лютага ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветерынарнай медыцыны акцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Зладзілі такую актыўнасць супольнымі сіламі факультэт замежных моў Акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Цэнтр нацыянальных культур, філіял ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск”.

Акцыя аб’яднала прадстаўнікоў англійскай, арабскай, беларускай, іспанскай, казахскай, кітайскай, рускай, тамільскай і туркменскай нацыянальнасцяў, так што свята атрымалася па-сапраўднаму міжнародным. Кожны ўдзельнік мог ушанаваць не толькі сваю карэнную мову, але і пазнаёміцца бліжэй з беларускай праз песні, вершы і словы.

За паглыбленне гасцей-замежнікаў ў свет беларускай мовы і культуры адказвалі творчыя калектывы Цэнтра культуры “Віцебск”: народны маладзёжны тэатр “Кола”, народны ансамбль цымбалістаў “Гарэзлівыя перазвоны” і народны ансамбль гарманістаў “Дабрадзеі”.

Акрамя гэтага, падчас акцыі ў фае Акадэміі працаваў “Куток знатакоў” з моўнымі віктарынамі, інтэрактыўны стэнд “Люблю родную мову, выстава друкаваных выданняў “Пісьменныя словы”, куток “Этнічныя строі” і фотазона.

Асабліва цікавай часткай праграмы стала акцыя “Жывое слова”: госці і ўдзельнікі маглі пачытаць вершы на роднай мове і хоць крышку пазнаёміць прысутных са сваім этнічным моўным багаццем. Праз вершы і песні родныя мовы прадставілі госці з Грэцыі (Ігнаціу САФІЯ), Казахстану (Наталля ЛЕВАНДОЎСКАЯ), Кітаю (Бізнгес КАЙСЮНЬ), Лівану (Самер МАНСУР, Карым ІБРАГІМ, Фуад ХАРБ), Шры-Ланкі (Шагала Муназ ФАЦІМА) і Эквадору (Яхайра МІРАНДА). Было чулліва і пяшчотна, як і мае быць, калі мы размаўляем пра самае дарагое і непаўторнае, тое, што яднае нас як нацыю і выдзяляе сярод іншых, – нашу мову.

Са святам! Шануйма родныя мовы! 

Вікторыя ФАМІНА,
рэдактар аддзела рэкламы
ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск”
Тэл. 67-22-92

При перепечатке материалов и использовании их в любой форме, в том числе и в электронных СМИ, а также в Интернете, активная ссылка на источник на сайте «Центра культуры «Витебск» обязательна.
Copyright © 1992-2018 Государственное учреждение «Центр культуры «Витебск».