“Ніколі не позна пачаць з белага ліста”. Такі бадзёры водгук пакінуў адзін з гасцей вечара сучаснай харэаграфіі “БЕЛЫ ЛIСТ”, які адбыўся 13 сакавіка ў канцэртнай зале “ВІЦЕБСК”.
Поўны sold out… Гэта народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Дзіяны ЮРЧАНКА адзначае сваё свята. Дарэчы, у гэтым годзе калектыву спаўняецца 19 гадоў, але хлопцы, дзяўчаты і іх кіраўнікі вырашылі падмануць час і пачалі святкаваць юбілей на год раней.
Вось i доўгачаканы трэці званок – сігнал, што хутка ўсё пачнецца. У зале згасае святло i госці акунаюцца ў атмасферу сучаснага танцавальнага мастацтва.
Гэтым вечарам гледачы ўбачылі беларускамоўную праграму з дзвюх частак. У першай – некалькi харэаграфiчных мiнiяцюр. Сярод iх любімыя і знакавыя работы калектыву за 19 гадоў – “ПРАВIНЦЫЯ”, “РЭЎНАСЦЬ”, “ПАЧУЦЬ СЯБЕ…”, “ТОНКА. ДАЛІКАТНА. ВОСТРА”, прэм’ерныя – “ПРЫРОДАЗНАЎСТВА”, а таксама аднаактавыя балеты – “ЧАЛАВЕКI” і “КАНТРАБАС” (фрагмент).
Другая частка праграмы складалася з творчых падарункаў сучаснага беларускага мастацтва ад сяброў тэатра-студыі. Гэта прадстаўнікі Нацыянальнага академiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба КОЛАСА, Беларускага тэатра “ЛЯЛЬКА”, ансамбля танца, музыкі і песні “ТАЛАКА”, Заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь узорнага харэаграфічнага ансамбля “ЗОРКА”.
Фінальным і вельмі кранальным акордам вечара стала выкананне вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “КУПАЛІНКА” усімі ўдзельнікамі канцэрту. Зала апладзіравала стоячы і спявала разам.
Дырэктар Цэнтра культуры “ВІЦЕБСК” Глеб ЛАПIЦКI павіншаваў Дзіяну ЮРЧАНКА і калектыў з днём нараджэння і ўручыў сертыфікат на 1 000 беларускіх рублёў для ўдзелу ў адукацыйных і творчых праектах.
Афіцыйным прызнаннем творчасці і таленту ўдзельнікаў калектыву стане рашэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб прысваенні звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” народнаму тэатру-студыі сучаснай харэаграфіі Дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “ВІЦЕБСК”. Будзем трымаць кулачкі!
Фотаздымкi Аляксея КАРАСЁВА.
Отдел рекламы
ГУ «Центр культуры «ВИТЕБСК»